МАРСКА́Я АВІЯ́ЦЫЯ,

род сіл ВМФ, прызначаны для пошуку і знішчэння з паветра сіл флоту праціўніка, прыкрыцця сваіх караблёў ад варожай авіяцыі, вырашэння інш. задач, у т.л. для дастаўкі марской пяхоты.

М.а. з’явілася ў пач. 20 ст., у т.л. ў 1911—12 у Расіі, у 1919—21 у Польшчы. На тэр. Беларусі па адной авіяэскадрыллі (складаліся з развед. гідрасамалётаў і знішчальнікаў з колавым шасі) для вядзення паветр. разведкі, карэкціроўкі агню манітораў і кананерскіх лодак, бамбардзіроўкі рачных караблёў, канвояў, войск праціўніка і г.д. мелі Пінскія ваен. флатыліі: польская (1928—37, да 10 самалётаў) і савецкая (1940—41, 15—18 самалётаў). У 1930-я г. група гідрасамалётаў (базіравалася ў прырэчнай паласе і ў партах бас. Дняпра) прыдавалася сав. Дняпроўскай ваен. флатыліі. У Вял. Айч. вайну сярод сав. марскіх лётчыкаў вызначыліся беларусы М.В.Аўдзееў, М.У.Барысаў, Ц.С.Жучкоў, І.Б.Катунін, М.А.Кісляк, Я.Г.Навіцкі, У.А.Скугар і інш. Да пач. 1990-х г. у раёне г. Быхаў Магілёўскай вобл. базіравалася стратэг. авіяцыя Балт. флоту.

Сучасная М.а. падзяляецца на ракетаносную, процілодачную, знішчальную, штурмавую, развед. і дапаможнага прызначэння (радыёлакацыйнага дазору, радыёэлектроннага процідзеяння, запраўкі самалётаў палівам у паветры, тралення мін, пошукава-выратавальная, трансп. і сувязі). Адрозніваюць М.а. базавага і карабельнага (на авіяносцах, верталётаносцах і інш.) базіравання. Далейшае развіццё М.а. ідзе па шляху ўдасканалення лятальных апаратаў, павелічэння скорасці, далёкасці і даўжыні палёту, яго аўтаматызацыі, стварэння сродкаў пошуку марскіх і наземных цэлей на новых фіз. прынцыпах, распрацоўкі высокадакладнай дальнабойнай зброі з моцнымі баявымі зарадамі і інш.

Літ.:

Брусенцев Н.А. Военно-морская авиация. М., 1976;

Olejko A. Rzeczna eskadra lotnicza Flotylli Pińskiej. Pruszków, 1994.

У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.

Да арт. Марская авіяцыя: 1 — разведвальны гідрасамалёт тыпу Р-5 Дняпроўскай ваеннай флатыліі (намаляваны без узбраення); 2 — цяжкі мнагамэтавы верталёт Ка-27 (Расія); 3 — пошукава-выратавальны верталёт-самалёт HV-22 «Оспры» для ВМФ (ЗША).

т. 10, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)